Лукашэнка заўсёды імкнуўся штучна перашкаджаць выбудоўванню паважлівых адносін з нашымі суседзямі і працягвае гэта рабіць сёння: закідвае дыверсантаў і нелегальных мігрантаў на тэрыторыю Польшчы, пастаянна дэстабілізуе сітуацыю на мяжы, пагражае суседзям.
Успамінаю, як неўзабаве пасля смерці легендарнага польскага музыкі Чэслава Немана ў 2004 годзе да мяне (у той час — амбасадара Беларусі ў Польшчы) прыйшлі ўдава музыкі і ягоныя сваякі. Яны звярнуліся з ініцыятывай аб пераносе дома класіка польскай музыкі са Старых Васілішак на Гарадзеншчыне ў Польшчу, каб стварыць у ім музей.
Менавіта ў гэтым доме ў Гродзенскай вобласці нарадзіўся Чэслаў Неман — сапраўды выбітная асоба, вядомы музыкант, выканаўца і кампазітар, без перабольшання легенда польскай музыкі. І Беларусь у жыцці музыканта мела асаблівае значэнне: стаўшы вядомым польскім музыкам, ён захаваў псеўданім у гонар беларускай ракі Нёман. Большасць палякаў, але, думаю, і многія беларусы памятаюць архіўнае выступленне Немана ў Аполе ў 1967 годзе — папулярны польскі выканаўца выступае на сцэне ў беларускай кашулі. Чым не сімвалічная ілюстрацыя да сумеснай беларуска-польскай спадчыны?
Памятаю гутарку з блізкімі Чэслава Немана. Як беларус, як амбасадар, я разумеў важнасць захавання спадчыны Немана не толькі для польскага грамадства, але таксама і для беларускага — таму што заўсёды такія прыклады аб'ядноўваюць. Але скажу шчыра, не быў схільны падтрымаць перанос.
Пазней у мяне адбылася гутарка ў Гродзенскім аблвыканкаме. У той час ужо нарошчваўся канфлікт з Саюзам палякаў Беларусі, павышаўся градус узаемаадносін. Гутарка аб адносінах з Польшчай праходзіла ў кабінеце намесніцы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Марыі Біруковай. Прадстаўніца рускага светапогляду сказала імператыўна наступнае: «Я дам указанне, і спалю гэты дом».
Спаліць дом легенды польскай культуры — гэтая варварская прапанова выклікала ў мяне абурэнне і шок. Я адказаў ёй: «Думаю, што калі вы пойдзеце на гэты крок, то на наступны дзень Газета Выборча, Рэч Паспалітая і многія іншыя найбуйнейшыя газеты Польшчы — выйдуць з чорнымі палосамі. І вы нават не ўяўляеце, які ўдар вы зробіце па беларуска-польскіх адносінах — і гэтыя наступствы будуць проста катастрафічнымі».
Пазней, у часы працы міністрам культуры, з'явілася грамадская ініцыятыва па стварэнні на базе дома Чэслава Немана музея, прысвечанага музыканту. Як міністр культуры, тады я цалкам падтрымаў праект адкрыцця музея Чэслава Немана ў Старых Васілішках. Сёння гэты музей функцыянуе, захоўваючы памяць аб важным для Польшчы ўраджэнцы Беларусі. І такі праект быў унёскам ва ўмацаванне нашых сяброўскіх узаемаадносін з Польшчай.
А Лукашэнка заўсёды імкнуўся перашкаджаць паважлівым адносінам з суседзямі. І працягвае ладзіць правакацыі і сёння. Як прыклад адна з яго заяваў, зробленая 20 лютага, якую можна ўспрымаць як прызнанне: «Еще одна оперативная информация: Польская и американская разведки готовят крупномасштабную провокацию против гражданского населения Польши, в которой обвинят Россию и Беларусь».
Ён робіць усё, каб убіць клін і ў беларуска-польскія ўзаемаадносіны, адрэзаць нас ад еўрапейскай спадчыны, разбурыць нашы добрыя адносіны з палякамі.
#беларусь #лукашенко #польша