Тэзаўрус — «Ерусалім» (на верш Рыгора Барадуліна)

Опубликовано: 12 Сентябрь 2026
на канале: Андрей
417
17

Ерусалім
Млечны Шлях, як радасны кілім,
Любяць разьвінуць нябёсы поначы,
Каб душа, йдучы ў Ерусалім,
Не блудзіла ў цемры,
Бога помнячы.

Колеры сьвітаньня й палыну,
Колеры няспыннасьці й нязьменнасьці
Апранаюць міг у даўніну,
Важаць час
Празрыстымі бязьменамі.

Як на мулкіх зорах,
Горад лёг
На пагорках, дзе начуе раніца.
Блізка лог,
Дзе ўсіх зьбірацьме Бог
Судным Днём,
Што ўсім апошнім станецца.

А вядуць ня ўсе дарогі ў Рым,
У Ерусалім
Ідуць нястомнікі.
На магільніку, як дым, сівым
Скалянелі камяні-паломнікі.

Тут да Бога блізка, як нідзе,
Аж чуваць,
Як Немінучасьць дыхае.
З Вока яснага сьляза ўпадзе –
Стане Бэтлеемам сэрца ціхае.

1993
Рыгор Барадулін